КАЛЯРО́ВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,

разнавіднасць фатаграфіі, звязаная з узнаўленнем каляровага відарыса аб’екта здымкі. Праводзіцца на колерафатаграфічных матэрыялах з дапамогай звычайных фотаапаратаў.

Грунтуецца на прапанаванай (1756) М.​В.​Ламаносавым тэорыі трохкампанентнага каляровага зроку, паводле якой любы колер, у т. л. белы, можна атрымаць змешваннем трох асн. колераў: чырвонага, зялёнага і сіняга. У 1861 Дж.​Максвел прапанаваў здымаць аб’ект паслядоўна праз святлафільтры, афарбаваныя ў асн. колеры, а атрыманыя пазітывы праектаваць праз гэтыя ж святлафільтры на экран (адытыўны спосаб). У аснову сучаснай К.ф. закладзены субтрактыўны метад, прапанаваны ў 1868—69 франц. вынаходнікам Л.​Дзюко дзю Аронам, паводле якога каляровы відарыс атрымліваецца «адыманнем» асн. колераў ад белага. Атрыманне негатыва гэтым спосабам суправаджаецца ўтварэннем на мнагаслойным фотаматэрыяле колераў, якія дапаўняюць асн. колеры аб’екта да белага: для чырвонага колеру дапаўняльным з'яўляецца блакітны, для зялёнага — пурпуровы, для сіняга — жоўты. Пры атрыманні пазітыва адбываецца адваротны працэс: дадатковыя колеры абумоўліваюць утварэнне на ім асн. колераў аб’екта здымкі. Гл. таксама Каляровае тэлебачанне.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)